Надрукаваць гэтую старонку
25.02.2022

Міністр энергетыкі Рэспублікі Беларусь Віктар Каранкевіч распавёў аб ходзе работ на Беларускай атамнай электрастанцыі

Крыніца: Тэлеграм канал Мінэнерга Афіцыйны

Падчас брыфінгу па выніках работы арганізацый энергетычнай галіны ў 2021 годзе і задачах на 2022 год Міністр энергетыкі Рэспублікі Беларусь Віктар Каранкевіч расказаў аб ходзе работ на Беларускай АЭС.

Першы энергаблок БелАЭС з моманту ўключэння ў аб'яднаную энергасістэму (3 лістапада 2020 года) выпрацаваў 7,6 млрд. квтг. электраэнергіі, што дазволіла замясціць каля 2 млрд. куб м. прыроднага газу, што супастаўна з гадавым яго спажываннем насельніцтвам краіны;

Гатоўнасць другога блока - 96%. У снежні 2021 года ў рамках праграмы фізічнага пуску блока ў актыўную зону рэактара загружана свежае ядзернае паліва. Завершана зборка рэактарнай устаноўкі. Праведзены яе гідравыпрабаванні, якія пацвердзілі адпаведнасць сістэм і абсталявання праектным характарыстыкам. Цяпер на другім блоку станцыі завяршаюцца падрыхтоўчыя работы да запуску кіруемай ланцужковай рэакцыі. У бліжэйшы час рэактарная ўстаноўка блока будзе выведзена на мінімальна кантралюемы ўзровень магутнасці - 1% ад намінальнай. Такім чынам будзе пакладзены пачатак жыццёвага цыкла рэактара.

Далей пройдуць нейтронна-фізічныя даследаванні яго актыўнай зоны на адпаведнасць патрабаванням праекта. Паспяховае выкананне гэтых работ дасць магчымасць перайсці да наступнага этапа - энергетычнага пуску блока з яго ўключэннем у энергасістэму краіны. У 2022 годзе блок будзе ўведзены ў прамысловую эксплуатацыю.

Да канца красавіка першы энергаблок БелАЭС будзе спынены для планава-папераджальнага рамонту

«Гэта тэхналагічныя работы, якія штогод праводзяцца на атамных станцыях для забеспячэння стабільнага працоўнага стану абсталявання». - растлумачыў Міністр. Будзе выкананы пашыраны кантроль тэхналагічных сістэм, кантроль металу абсталявання рэактарнага і турбіннага аддзялення, рэалізаваны іншыя мерапрыемствы.

У рамках планава-папераджальнага рамонту будзе праведзена першая перагрузка ядзернага паліва.

Паліва для першай перагрузкі знаходзіцца на пляцоўцы БелАЭС, яно прайшло ўваходны кантроль і было пастаўлена генпадрадчыкам у рамках генеральнага кантракту.

Усяго ў актыўнай зоне рэактара першага энергаблока размешчана 163 цеплавыдзяляльныя зборкі са свежым ядзерным палівам. Штогод патрабуецца замена каля 25% з іх.

Якія канкрэтна цеплавыдзяляльныя зборкі падлягаюць замене, вызначаецца па спецыяльных разліках, якія праводзяцца сумесна з Курчатаўскім інстытутам.

Першы планавы рамонт працягнецца каля 80 дзён.

«У гэтых работах прымуць удзел беларускія і расійскія арганізацыі». - дадаў Віктар Каранкевіч. Генпадрадчыкам па аб'ектах ядзернага вострава, дзе неабходны спецыялізаваныя работы, выступіць кампанія «Расатам Сэрвіс», якая ўваходзіць у склад дзяржкарпарацыі «Расатам». Генпадрадчык па аб'ектах турбіннага аддзялення і дапаможных сістэм - ААТ «Белэнергарамналадка», якое мае адпаведныя кампетэнцыі і вопыт рэалізацыі такіх работ на беларускіх станцыях і замежных АЭС.

Было закранута пытанне і аб абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі

Як расказаў Віктар Каранкевіч, цяпер вядзецца работа па падрыхтоўцы праекта Указа Прэзідэнта аб стварэнні нацыянальнага аператара па абыходжанні з РАА.

«Дакумент практычна прайшоў узгадненне з усімі зацікаўленымі органамі дзяржкіравання. У сакавіку праект указа будзе ўнесены на разгляд у Савет Міністраў», - праінфармаваў ён.

Новая арганізацыя выступіць заказчыкам праектных і пошукавых работ, у тым ліку па аналізе і ацэнцы існуючых на рынку тэхналогій перапрацоўкі, захоўвання і кандыцыянавання радыеактыўных адходаў. Гэтыя работы будуць арганізаваны з удзелам Міністэрства энергетыкі, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, Нацыянальнай акадэміі навук.

Будзе праведзена комплексная ацэнка магчымых пляцовак для будаўніцтва сховішча радыеактыўных адходаў. Прадугледжваецца, што праект будзе рэалізаваны ў некалькі этапаў.

Першую чаргу сховішча плануецца ўвесці ў строй да 2030 года. Тут будуць захоўвацца радыеактыўныя адходы Беларускай АЭС, прамысловага комплексу, аховы здароўя.

Апошняя змена 25.02.2022