Надрукаваць гэтую старонку
01.07.2021

Сандружына БелАЭС змагалася за перамогу ў вобласці

Крыніца: Астравецкая праўда

У штогадовых рэгіянальных спаборніцтвах сярод санітарных дружын каманда Беларускай АЭС апынулася ў пяцёрцы лепшых.

У спаборніцтвах сярод санітарных дружын удзельнічала 18 каманд. Яны пераадолелі 5 этапаў, на якіх аказвалі пацярпелым розныя віды першай даўрачэбнай дапамогі. Суддзі праверылі табельнае аснашчэнне санітарнай дружыны, уменне працаваць у агменях камбінаванага, хімічнага паражэння і інфекцыйнага захворвання.

Санітарная дружына Беларускай АЭС да спаборніцтваў рыхтавалася сур'ёзна - не толькі тэарэтычна, але і практычна, адпрацаваўшы дзеянні да аўтаматызму.

Справілася каманда на 99%, паказаўшы добры вынік і дапусціўшы толькі адну прыкрую памылку на камбінаваным этапе, якая, як потым высветлілася, пазбавіла магчымасці астраўчан змагацца за п'едэстал. Хоць менавіта на гэтым этапе дружына спрацавала ўпэўнена і зладжана, заняўшы ў ім 3 месца.

У падвядзенне вынікаў умяшаўся Яго Вялікасць Выпадак: з-за высокіх вынікаў, паказаных некалькімі камандамі (у тым ліку і БелАЭС) суддзям прыйшлося глядзець на жэрабя, выцягнутае ў пачатку спаборніцтваў. З 18-ці каманд мы выступалі пад нумарам 17. Такім чынам у астраўчан - 5 агульнакаманднае месца.

За дапамогу ў падрыхтоўцы дзякуем лекарам ЦРКБ і райЦГЭ, таксама вучням СШ №2 за магчымасць адпрацоўваць усе нашы дзеянні на практыцы. Хочацца адзначыць самааддачу ўсіх членаў каманды, актыўную дапамогу прадстаўніка ГА і НС Беларускай атамнай станцыі Міхаіла Фармага і супрацоўніка РАНС Андрэя Кандраценка.

Марыя Парамонава.

Апошняя змена 01.07.2021