Надрукаваць гэтую старонку
09.02.2021

Эксперты ENSREG пачалі працу на пляцоўцы БелАЭС

Крыніца: Аддзел інфармацыі і грамадскіх сувязяў

Эксперты Еўрапейскай камісіі і Еўрапейскай групы рэгулюючых органаў у галіне ядзернай бяспекі (ENSREG) прыбылі на пляцоўку БелАЭС у рамках партнёрскага агляду Нацыянальнага плана дзеянняў па выніках стрэс-тэстаў станцыі.

У складзе экспертнай групы - 9 чалавек. Гэта прадстаўнікі Аўстрыі, Бельгіі, Вялікабрытаніі, Венгрыі, Германіі, Літвы, Украіны, Фінляндыі. Узначальвае групу генеральны дырэктар Цэнтра па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы Фінляндыі (STUK) Петэры Цiйпана.

Эксперты будуць працаваць на пляцоўцы БелАЭС 9-10 лютага. Яны наведаюць аб'екты станцыі, азнаёмяцца з матэрыяламі, у якіх адлюстравана інфармацыя аб рэалізацыі мерапрыемстваў нацыянальнага плана дзеянняў па выніках стрэс-тэстаў, а таксама змогуць задаць пытанні прадстаўнікам Дзяржатамнагляду, Дэпартамента па ядзернай энергетыцы Міністэрства энергетыкі, групе праекціроўшчыкаў АТ ІК «АСЭ» і непасрэдна спецыялістам атамнай станцыі.

Беларусь на добраахвотнай аснове правяла ў 2016-2018 гадах стрэс-тэсты БелАЭС па метадалогіі ЕС. Пры гэтым ацэньвалася наяўнасць «запасаў бяспекі» над патрабаваннямі, усталяванымі нацыянальным заканадаўствам. Крытэрыі стрэс-тэстаў уключалі праверку надзейнасці атамнай станцыі на выпадак стыхійных бедстваў, у прыватнасці, землятрусаў і паводак, а таксама розных тэхнагенных аварый. Акрамя таго, аналізаваліся рызыкі, звязаныя з чалавечым фактарам. У выніку дэфіцытаў бяспекі на АЭС не выяўлена.

Па выніках стрэс-тэстаў нацыянальным рэгулятарам - Дзяржатамнаглядам - быў падрыхтаваны Нацыянальны план дзеянняў, які абагульніў як рэкамендацыі па выніках нацыянальнай экспертызы, так і рэкамендацыі экспертаў еўрапейскай партнёрскай праверкі. Дакумент змяшчае 23 пункта з тэрмінамі рэалізацыі ў перыяд з 2019-га па 2025 гады. Частка рэкамендацый ўжо выканана, у тым ліку якія датычацца дадатковых сістэм і абсталявання для забеспячэння бяспекі.

Апошняя змена 09.02.2021