Надрукаваць гэтую старонку
03.08.2020

Эксперты ENSREG правядуць партнёрскі агляд нацплана дзеянняў па выніках стрэс-тэстаў БелАЭС

Крыніца: БелТА

Эксперты Еўрапейскай групы рэгулюючых органаў у галіне ядзернай бяспекі (ENSREG) правядуць партнёрскі агляд Нацыянальнага плана дзеянняў па выніках стрэс-тэстаў Беларускай АЭС. Падрыхтоўку да мерапрыемства абмеркавалі ў Дзяржатамнаглядзе падчас відэаканферэнцыі з прадстаўнікамі Еўрапейскай камісіі і ENSREG, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Дзяржатамнагляду.

Бакі абмеркавалі адміністрацыйныя пытанні арганізацыі і правядзення партнёрскага агляду, які прадугледжвае вывучэнне Нацыянальнага плана групай экспертаў ENSREG на чале з кіраўніком рэгулюючага органа ядзернай бяспекі Фінляндыі Петэры Цііпана. Разглядалася таксама фарміраванне пытанняў да нацыянальнага плана, адказы на іх беларускага боку, тэхнічныя кансультацыі еўрапейскіх экспертаў з беларускімі калегамі, візіт экспертаў ENSREG у Беларусь з наведваннем Беларускай АЭС, а таксама падрыхтоўка адпаведнай справаздачы аб партнёрскім аглядзе.

Стрэс-тэсты Беларускай АЭС праведзены ў 2016 годзе. Пасля аварыі на японскай АЭС "Фукусіма" вывучаны магчымасці БелАЭС супрацьстаяць экстрэмальным неспрыяльным прыродным уздзеянням і іх спалучэнню (землятрусы, цунамі, паводкі і іншае).

Партнёрская праверка вынікаў стрэс-тэстаў БелАЭС праведзеная ENSREG у 2017-2018 гадах. Дэфіцытаў бяспекі (неадпаведнасцяў патрабаванням беларускіх нарматыўных прававых актаў, заснаваных на стандартах бяспекі МАГАТЭ) не выяўлена. Эксперты ENSREG прапанавалі шэраг рэкамендацый, якія тычацца запасаў бяспекі звыш устаноўленых нарматыўнымі дакументамі і стандартамі бяспекі патрабаванняў. Па выніках правядзення стрэс-тэстаў БелАЭС у 2019 годзе падрыхтаваны адпаведны Нацыянальны план дзеянняў.

Апошняя змена 03.08.2020