Надрукаваць гэтую старонку
23.06.2020

Урад Расiі адобрыў змены ў пагадненне аб крэдыце для БелАЭС

Крыніца: БелТА

Урад Расіі адобрыў праект Пратакола аб унясенні змяненняў у беларуска-расійскае міжурадавае пагадненне 2011 года аб прадастаўленні Беларусі дзяржаўнага экспартнага крэдыту для будаўніцтва АЭС. Адпаведнае распараджэнне расійскага ўрада апублікавана сёння на расійскім афіцыйным інтэрнэт-партале прававой інфармацыі, паведамляе БЕЛТА.

Згодна з праектам пратакола, мяркуецца падаўжэнне перыяду выкарыстання крэдыту на два гады - да канца 2022-га. Акрамя таго, усталёўваецца фіксаваная працэнтная стаўка па крэдыце ў памеры 3,3% гадавых, а таксама пераносіцца дата пачатку пагашэння асноўнага доўгу па крэдыце з 1 красавіка 2021 года на 1 красавіка 2023-га.

Дакумент быў прадстаўлены Мінфінам РФ і ўзгоднены з расiйскімі МЗС, Мінэканамразвіцця, карпарацыяй "Расатам" і папярэдне прапрацаваны з беларускім бокам. Урад РФ даручыў Мінфіну сумесна з МЗС і іншымі ведамствамі правесці з Беларуссю перамовы і па дасягненні дамоўленасці падпісаць пратакол ад імя ўрада РФ.

Апошняя змена 23.06.2020