Надрукаваць гэтую старонку
02.07.2019

Анастасія Новікава ўзбегла на п'едэстал

Крыніца: Газета "Астравецкая праўда"

Астраўчанка Анастасія Новікава заняла трэцяе месца ў забегу на 12 кіламетраў на Гран-пры клуба аматараў бегу «Рэгіён» у Маладзечне.

Дванаццаць кіламетровых колаў у парку Перамогі, каля паўсотні ўдзельнікаў, паўтара дзясятка суддзяў-лічыльнікаў, адсутнасць сучаснага чып-таймінгу, які замяніў бывалы хранаметрыст з секундамерам.... Усё, як калісьці, у настальгічнай хатняй атмасферы - так прайшоў арганізаваны мясцовым клубам аматараў бегу «Рэгіён» чарговы адкрыты этап уласнага Гран-пры.

Утульнае асфальтаванае кальцо каля пляжнай спартыўнай пляцоўкі ў цэнтры горада з далёка не роўным рэльефам як быццам спецыяльна створана для трэніровачнага кросу. Яшчэ адна асаблівасць – колькасны і якасны складнік ветэранскага складу, канкурэнцыя сярод лідэраў якога была круцейшай, чым у моладзі.

З траіх астраўчан толькі ў Анастасіі Новікавай атрымалася зачапіцца за п'едэстал. Удзельніца нядаўняга паўмарафону ў Рызе Ніна Каранькова, як і аўтар гэтых радкоў, апынуліся ў непасрэднай блізкасці ад прызавой тройкі – але, як кажуць, ледзь-ледзь не лічыцца. У ажуры толькі Насця - з чым яе і віншуем!

Апошняя змена 02.07.2019